Мне было шэсць гадоў, калi ў кнiзе пра джунглi, якая называлася "Непрыдуманыя гiсторыi", я ўбачыў аднойчы дзiвосны малюнак. Змяя - страшэнны ўдаў - глытала драпежнага звера.
У кнiзе гаварылася: "Удавы глытаюць сваю ахвяру цалкам, не жуюць. Пасля гэтага яны ўжо не могуць варухнуцца i цэлых паўгода спяць, пакуль не перавараць ежу".
Я шмат разважаў пра поўнае прыгод жыццё ў джунглях i таксама намаляваў тое-сёе каляровым алоўкам. Гэта быў мой малюнак No 1.
Я паказаў свой шэдэўр дарослым i пацiкавiўся, цi не страшна iм, калi яны глядзяць на мой малюнак.
- А чаму капялюш павiнен наводзiць страх? - здзiвiлiся яны.
На маiм малюнку быў зусiм не капялюш. На маiм малюнку быў удаў, якi праглынуў слана. Тады я намаляваў удава знутры, каб дарослым было больш зразумела. Але iм ўсё роўна спатрэбiлiся тлумачэннi