не паважаў гэтага чалавека, яго прыгнятала пастаянная нязменная патрабавальнасць старшыны, крыклівая злоснасць яго салдацкай натуры. Часта, калі старшына грубым, бесцырымонным тонам за якія-небудзь дробязі крычаў на байцоў, Фішару карцела абурыцца, патрабаваць добразычлівых, роўных адносін да людзей. Карцела, але ні Фішар, ні хто іншы з тых, што сам сабе абураўся старшыновымі наскокамі, не наважыўся зрабіць гэта. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю, і Фішар адчуваў часам, што ён проста пабойваецца ўзводнага.