Тут, у мястэчку, для шчасця – надзейны камплект:
Месца для танцаў, пякарня, шынок і аптэка.
Ёсць варажбітка, сказаць: ты кароль, не валет,
Ёсць пастарунак – вартуе спакой чалавека.
Кафе-шантану няма, ды вось-вось завядуць.
А балаганаў хапае. Вакол балаганы.
Маецца рэчка, каб з мосту пляваць у ваду,
Ёсць і паэт. Дэманструе багемы заганы.
Млын вадзяны, як належыць, прытулак чарцей.
Могілкі ёсць, сінагога, царква і званіца.
Школа, дзе вучаць на мове чужынцаў дзяцей,
Пустка, дзе можна напіцца, кахацца, забыцца.
Тут у мястэчку, не любяць складаных размоў.
Воля? Якая? Кнігарня? Навошта, спадарства?
Ціха рачулка нясе між крутых берагоў
Воды свае запляваныя ў соннае царства.
Можа, калісьці чыгунка сюды забрыдзе,
Можа, народзіцца геній у хатцы тутэйшай.
Ходзіць паэт з ліхтаром і шукае людзей,
І асыпаюцца лісцем маўклівыя вершы.