У кожнага ў дзяцінстве ёсць нейкае ўяўнае страхоцце, якое абрастае падрабязнасцямі і палохае больш, чым нешта рэальна небяспечнае. Дзед Бабай з лупатымі чырвонымі вачыма, што гараць, як полымя, і жоўтымі ікламі да калень, які па начах ходзіць на гарышчы, куды страшней, чым чорнае вока палонкі, у якое зазіраеш, стоячы на падталым лёдзе, альбо спакусна бліскучыя ягады ваўчанкі. Хаця няшчасны Бабай яшчэ не забіў нікога, а ў палонцы загінуў не адзін цікаўны малёнак...